ДАРАШЭ́ВІЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на левым беразе р. Прыпяць. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 8 га. Кампазіцыйным цэнтрам быў сядзібны дом (разбураны ў Вял. Айч. вайну).

Паркавы фасад дома быў арыентаваны ў бок ракі, перад ім — партэр у выглядзе эліпса. У парку раслі унікальныя для Беларусі экзэмпляры платана клёналістага, піхтаў сіб. і бальзамічнай (загінулі ў вайну). Захаваліся хвоя веймутава, елка чырвоная, дуб чырвоны і інш.

В.Р.Анціпаў.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)